Навіны ТБМ

ТБМ Гарадзеі валанцёрствам ушанавалі славутага земляка


Прыемна нам дзядоў надзеі,
Іх тайны думы адзначаць,
Вялікія ў мінулым дзеі,
Дзе й як змагалась наша раць.”

У. Жылка.
“Мы любім даўнія паданні”


Акурат пад Дзяды арганізаваліся сябры ТБМ з Гарадзеі і іх паплечнікі дзеля самага найлепшага і высакароднага, што можа быць – дабрачыннай валанцёрскай справы і шанавання імя славутага продка.

Паэт-зямляк Уладзімір Жылка, як і многія яго таленавітыя сучаснікі, зусім маладым, у самым творчым росквіце далучыўся да нябеснага выраю нашых дзядоў, пакінуўшы на зямлі вытанчаную, эстэтную, высокага еўрапейскага кшталту паэзію, але зместам сваім скіраваную на лёс Бацькаўшчыны.



Тут, на яго радзіме, два гады таму ў гонар 120 -годдзя “песняра змагання і красы” была запачаткавана на беразе Ушы дуброва ды пастаўлены памятны камень. Зразумела, што ўсё патрабуе догляду.

Не ўсе дубкі прыжыліся, – кажа старшыня Гарадзейскай суполкі Алег Гунько. – Патрэбна падсадзіць новыя. Праверыць, ці ўсе дрэўцы добра падвязаны, ці не пахіліліся пад вятрамі. Ды і траву падкасіць таксама трэба.

На сядзібе Адама Скачко нарыхтавалі ладных саджанцаў. Дапамагалі сябар і сваяк з Менска – Іван Вусікаў і Уладзімір Пасанэн. 

-Дзеля грамадскай справы гатовы ўсе свае клопаты адкласці! – не жартам, а на поўным сур’ёзе сведчаць мужчыны. Не прапусціў зялёную акцыю і Барыс Шпак – заўсёдны актыўны ўдзельнік дабрачынных спраў гарадзейцаў.

Трэба звяртацца да кіраўніцтва школы, каб і іх выхаванцы час ад часу наведваліся сюды дзеля пасільнай працы, – прапануе ён. – Разам жа запачаткоўвалі гэтую памятную мясціну. Чаму б не праводзіць тут выхаваўчыя ўрокі, су-мяшчаючы працу і паэзію?
А самі завіхаліся амаль цэлы дзень.

Назаўтра ўжо Леанід Качановіч падвёз урадлівай зямлі, новых саджанцаў ды зноў арганізаваў калектыўную працу.

Будзем і надалей рупіцца пра догляд гэтага зялёнага асяродка з Каменем Жылкі , – запэўнівае аўтарытэтны гарадзеец, – каб жыла памяць пра нашага выдатнага земляка, каб быў “значон дзядоўскі след”, які накіроўвае нашчадкаў у беларускую будучыню.

Наталля Плакса.
Нясвіж.
Made on
Tilda