Навіны ТБМ

Пайшоў з жыцця вялікі сын беларускай зямлі Станіслаў Шушкевіч

У ноч з 3 на 4 траўня ў Мінску памёр Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спадару Станіславу было 87 гадоў.

Станіслаў Шушкевіч — сын рэпрэсаванага беларускага пісьменніка. Вядомы беларускі навуковец. Быў народным дэпутатам СССР (з 1989-га), народным дэпутатам БССР (з 1990-га), быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Пасля жнівеньскага путчу 1991-га ачоліў беларускі парламент. Станіслаў Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. З пасады старшыні Вярхоўнага Савета быў зняты ў пачатку 1994-га. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995 годзе быў зноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі "Грамадзянскае дзеянне". У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей удзельнічаў у дзейнасці Вярхоўнага Савета, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.

Доўгі час ачольваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (з 2018-га — ганаровы старшыня). 

У красавіку сёлета стан здароўя Шушкевіча пагоршыўся пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, нейкі час ён быў у рэанімацыі.

Станіслаў Шушкевіч любіў Беларусь усім сэрцам, любіў беларускае Слова і ў сваёй дзейнасці рабіў усё магчымае, каб нацыянальная культура квітнела і развівалася. ТБМ дзякуе Станіславу Шушкевічу за ўсё добрае, што ён зрабіў на ніве беларушчыны. Памяць пра яго будзе жыць у гісторыі беларускай нацыі.
Made on
Tilda