Сын Пётр таксама творчы чалавек, кераміст. Але столькі талентаў, як у Надзеі Салейкі мо няма ні ў кога. Яна глыбока веруючы чалавек, пратэстантка. Сям’я ўдзельнічае ў розных выставах, толькі што вярнуліся з Віцебска, са “Славянскага Базара”.
Спадарыня Надзея правяла нас спачатку па сядзібе, паказала афармленне двара і прысядзібнага ўчастка.Тут асабліва бачна вялікая многагадовая праца гаспадара Віктара.
Затым агледзелі невялікі двухпавярховы дом, які больш нагадвае музей, чым жылы дом. У адным пакоі размешчана карцінная галерэя твораў Надзеі. Другі вялікі пакой – зала керамікі, музыкі і драўлянай скульптуры. Нават кухня, зробленая і аформленая рукамі гаспадара, нагадвае залу музея народнай творчасці. Пасля азнаямлення з творамі мастацтва і керамікі слухалі вершы і спевы спадарыні Надзеі. Яна кажа, што дар опернай спявачкі адкрыўся ў яе ва ўзросце сорак гадоў. І гэты дар Надзея падтрымлівае рэгулярнымі спеўнымі заняткамі.
Гасцінныя гаспадары накрылі ў двары стол з пачастункамі – свежай гароднінай , мёдам і смачным хлебам. Усе ж бралі нешта з сабой, таму стол атрымаўся багатым. На жаль вандроўнікі былі абмежаваны часам, бо трэба было трапіць на цягнік.
Нягледзячы на прапановы гаспадароў затрымацца і працягнуць праграму сустрэчы, падзякавалі і пайшлі да цягніка на Баранавічы. У сэрцах засталася радасць ад сустрэчы з харошымі людзьмі і іх творчасцю.