Навіны ТБМ

Пайшоў з жыцця актыўны сябар ТБМ Антон Фурс

Сумная навіна прыйшла да нас з Пастаўшчыны. Наша ТБМ страціла свайго шчырага актыўнага сябра, які да самай апошняй хвіліны трымаў сувязь з намі. Ён пісаў на адрас ТБМ лісты, яго радкі былі прачытаныя падчас апошняга з'езду ТБМ. Некалькі разоў на год спадар Антон Фурс рабіў шчодрыя ахвяраванні на нашу дзейнасць. Антон Фурс упісаны ў гісторыю нашай краіны як сапраўдны патрыёт, шчыры беларус, з чыстай светлай душой. Шчырыя спачуванні яго родным і блізкім, усім, хто асабіста ведаў яго. Светлая памяць.



Пра смерць бацькі паведаміў на фэйсбуку яго сын Юрый. Антон Фурс быў вязнем ГУЛАГу, у 1947 годзе атрымаў 15 гадоў лагераў за прыналежнасць да "Саюза беларускіх патрыётаў" - арганізацыі вучнёўскай моладзі, якая ставіла сабе за мэту барацьбу з русіфікацыяй і захаванне беларускай культуры і ідэалаў беларускай незалежнасці.


Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна. У 1944 годзе паступіў у педагагічную вучэльню ў Глыбокім. Моладзь бачыла выцісканне беларускай мовы з навучальнага працэсу - і пастанавіла адказаць на гэта, стварылі арганізацыю, натхніўшыся прыкладам таемных гурткоў філаматаў і філарэтаў у Вільні пры Расійскай Імперыі.

25 сакавіка 1946 года, сабраўшыся на паддашшы дома ў Глыбокім, сябры СБП прынеслі прысягу на вернасць ідэалам незалежнай Беларусі. Падчас гэтай таемнай урачыстасці на сцяне была вывешаная Пагоня - яе намалявала Алеся Умпіровіч з Пастаўскай вучэльні, якая пасля лагераў стала жонкай Антона.


У 1947 годзе адбыліся масавыя арышты сябраў арганізацыі. Усе яны атрымалі вялікія тэрміны ў лагерах - да 25 гадоў, але большасць выйшла пасля перагляду справаў неўзабаве пасля смерці Сталіна, адседзеўшы прыкладна па дзесяць год.



Вярнуўшыся з лагераў, Антон Фурс узяў шлюб з Алесяй Умпіровіч, якая ўдзельнічала ў дзейнасці СБП у Паставах і таксама вярнулася з ГУЛАГу. Яны пражылі разам да 2017 года, калі Алеся памерла. Большую частку жыцця яны пражылі ў Казахстане, паехалі туды самі, бо на радзіме Антона не бралі на працу. Перыядычна прыязджалі ў Беларусь, адведвалі Ларысу Геніюш, з якой Алеся адбывала пакаранне ў лагерах.



Усё жыццё Антон Фурс быў верным ідэалам вольнай, незалежнай і беларускай Беларусі. У 1984 годзе, калі выйшлі на пенсію, вярнуліся на радзіму, купілі палову дома ў Паставах. Другую палову займаў былы лагерны ахоўнік, які часам казаў: "Я бы вас всех назад отправил!"



І ў глыбокай старасці Антон цікавіўся беларускімі справамі, чытаў беларускія газеты, глядзеў беларускамоўнае тэлебачанне, наведваў сходы пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. У 2013 годзе пра СБП быў зняты фільм "Глыбоцкая змова", паказаны на тэлебачанні. У 2019 годзе - фрагмент інтэрв'ю з ім быў паказаны ў перадачы Stop Josta на літоўскім канале "LRT Plus".



Антон і яго жонка Алеся былі вельмі прыстойнымі, добразычлівымі і гасціннымі людзьмі. Яны былі вернымі сваім ідэалам, і ў той жа час ні на каго не трымалі злосці. Нават калі яны ўспаміналі перажытыя пакуты, з іх вуснаў не было чуваць нянавісці.


Для нас, маладзейшых пакаленняў актывістаў, Антон Фурс і іншыя удзельнікі СБП былі прыкладам. Калі было цяжка - успаміналі, што некалі за беларускую справу давалі дзесяць-пятнаццаць гадоў лагераў. Калі хацелася ўсё кінуць - узгадвалі, што нельга кідаць тое, за што нашыя старэйшыя землякі аддалі сваю маладосць.



У жніўні 2020 года, Антон Фурс разам з іншымі жыхарамі Паставаў быў на Плошчы. Ён дачакаўся часу, калі людзі выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі... Прынамсі, ён мог пераканацца, што ідэя, якой ён ахвяраваў сваю маладосць, не знікла, што за яе змагаюцца маладыя.


Пахаванне Антона Фурса адбудзецца 20 кастрычніка каля 14:00 на могілках у Паставах.


Вечны адпачынак, дай яму, Госпадзе! Прымі ў Сваё Валадарства душу гэтага добрага чалавека, які столькі адпакутваў за любоў да свайго народа.




Кастусь Шыталь, Алена Анісім

Made on
Tilda