Навіны ТБМ

"Мы яшчэ сустрэнемся!.." Прыпынілася выданне часопіса ТБМ "Верасень"

Дарагія сябры, з вялікім шкадаваннем мушу паведаміць, што ў сувязі з ліквідацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны спыніў выхад і літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”, да заснавання якога ТБМ мела непасрэднае дачыненне.

Няма сумневу, што за 12 гадоў свайго існавання часопіс стаў заўважнай з’явай у культурным жыцці краіны. А па-іншаму й быць не магло, бо ў шчаслівую літаратурную дарогу выданне дабраславілі адразу два народныя паэты Беларусі -- Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. І гэта дарога напраўду была шчаслівай...

А як жа іначай, калі за час існавання на старонках “Верасня” надрукавалі свае творы каля 700 аўтараў -- паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў і крытыкаў, з іх -- больш за 100 дэбютантаў. Пачынаючы ад 14 нумара, акрамя літаратараў, “Верасень” стаў творчай пляцоўкай яшчэ й для маладых мастакоў. А колькі цікавых і змястоўных гутарак з пачаткоўцамі і знанымі творцамі з’явілася за гэты час на старонках выдання?!

Мне хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да з’яўлення часопіса: найперш аўтарам, якія паверылі ў выданне і даверылі яму свае творы, а таксама вераснёўцам-мастакам -- Юрыю Круглікаву, Дар’і Бунеевай і Валерыі Праславай, дзякуючы таленту якіх кожны нумар “Верасня” набыў сваё непаўторнае, асабістае аблічча. І, канечне, тым дабрадзеям, без якіх было б немагчымым існаванне часопіса...

Дзякуй Вам усім, дарагія сябры! Каб вы ведалі, як не хочацца гаварыць слова “бывай”, бо верыцца, што развітваемся мы не назаўсёды, і што "Верасень" яшчэ абавязкова вернецца... Таму, хоць і з сумам, я ўсё ж такі кажу: “Да новай сустрэчы, “Верасень”!..

З павагай і ўдзячнасцю, Эдуард Акулін

https://www.facebook.com/photo/?fbid=2042516369258842&set=a.148090248701473
Made on
Tilda