Экс-старшыня ТБМ Алег Трусаў дадаў, што ад дзеянняў уладаў, па яго падліках, пацярпелі больш за сотню сяброў арганізацыі. Сярод іх ён назваў Паўла Севярынца і памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка.
Радыё "Свабода" адзначае, што за беларускую мову ў магілёўскай турме пацярпеў, напрыклад, праваабаронца Валадар Цурпанаў. Яго двойчы каралі карцарам менавіта за тое, што размаўляе з ахоўнікамі па-беларуску.
Яго жонка Ірына, якая бачылася з мужам 15 чэрвеня, зразумела з тлумачэнняў Валадара, што не ўсе супрацоўнікі турмы разумеюць беларускую мову, а некаторыя словы лічаць абразлівымі.