Навіны ТБМ

Буклет для музея ксяндза Уладзіслава Чарняўскага

Сябры Валожынскай суполкі ТБМ выпусцілі буклет для музея ксяндза Чарняўскага, што ў Вішневе. 
Музей ксяндза Уладзіслава Чарняўскага існуе ўжо пяць гадоў і створаны быў на ягоны 100-гадовы юбілей. Узнік ён дзякуючы альтруізму і намаганням яго гаспадыні – настаўніцы мясцовай школы Бітэль Тэрэзы.
Сёлета ксяндзу Чарняўскаму споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння і 5 гадоў музею. Нам хацелася і мы лічым сваім абавязкам як-небудзь адзначыць гэтую падзею. І ў гэтым годзе мы выпусцілі буклет. Грошы на друк ахвяраваў не абыякавы чалавек да беларускай культуры Міхаіл Ёда, за што мы вельмі яму ўдзячныя. Больш за 300 асобнікаў падаравалі музею. Цяпер наведвальнікі будуць мець магчымасць, акрамя экскурсіі, яшчэ і атрымаць памятку аб сустрэчы з Вішневам, яго гісторыяй, духоўнасцю. Рады што такім чынам мы маральна, ды матэрыяльна, падтрымалі высакародную справу загадчыцы музея.


У буклеце ёсць старонка і старэйшага сябра ТБМ, юбіляркі (80-годдзе) Марыі Трапашкі, настаўніцы, арганісткі, творчага чалавека, у свой час памочніцы ксяндза Чарняўскага ў справе беларушчыны.


Па замове Бітэль Тэрэзы змешчаны гістарычны матэрыял пра Вішнева (нагаданы асноўныя гістарычныя падзеі), інфармацыя пра ўплывовы ў часы ВКЛ магнацкі род Храбтовічаў, пры якіх Вішнева дасягнула найбольшага развіцця. Таксама нагаданы вядомыя асобы, якія цесна звязаныя з гэтай зямлёй, - гэта С. Будны, Шымон Пэрас, Нахум Гольдман, К. Буйло, Х. Чэрня, У. Луцэвіч. Змешчана рэдкае фота ў адзенні праваслаўнага святара Пятра Біталя, пісьменніка, настаўніка, патрыёта, закладніка бальшавіцкай сістэмы.


На тытульным баку буклета размешчана фота галоўнага будынка паляўнічай рэзідэнцыі Храптовічаў, які вабіць нейкай таямнічасцю і нагадвае пра далёкае, незваротнае мінулае (ды і не зусім кепскае) вішнеўскай зямлі. Не так даўно пабывалі мы тут. Убачанае ўзрушыла да глыбіні душы. Палац напаўразбураны, яшчэ ў горшым стане знаходзяцца іншыя два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя побач. Падумалася : а каб усё ўзнавіць, адбудаваць – дык не толькі нашы турысты, а замежнікі зацікавіліся б… А колькі такіх куточкаў на нашай Беларусі… Пакуль яны ёсць. Пакуль…
Made on
Tilda