Навіны ТБМ

Вандроўка выходнага дня

         У нядзелю сябры Валожынскай суполкі ТБМ наведалі знакавыя мясціны свайго рэгіёну, якія аказалі значны ўплыў на гісторыю фармавання і развіцця ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай. У першую чаргу гэта – мястэчкі Гальшаны і Крэва Гарадзенскай вобласці, якая мяжуе з Валожынскім раёнам.

         Першы прыпынак – гэта рэшткі паляўнічай сядзібы знакамітага роду Храптовічаў “Андрывонж” (пл. 50 га). Знаходзіцца ля мястэчка Вішнева Валожынскага раёну. Сама сядзіба і гаспадарчыя пабудовы знаходзяцца ў вельмі кепскім стане і патрабуюць неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі.



            Наступны прыпынак Гальшаны – мястэчка Гарадзенскай вобласці, адкуль Ягайла, кароль Рэчы Паспалітай, у свой час узяў сабе за жонку дачку з роду князёў гальшанскіх Соф’ю.
Некалі адзін з прыгажэйшых замкаў прыйшоў амаль у поўны заняпад, але ў наш час дзяржаўнымі сродкамі пачаў аднаўляцца.



             Трэцім месцам была вёска Баруны, дзе ў 18-19 ст. пры базыльянскім манастыры існавала знакамітая школа для мясцовых шляхцічаў. Цяпер будынкі кляштару аднаўляюцца, ну а храм у гонар Св. Апосталаў Пятра і Паўла здалёк вабіць сваёй велічнай прыгажосцю. Дарэчы, ў падвале пад касцёлам знаходзіцца калодзеж з крынічнай вадой і мы, спусціліся ў гэта святое месца і набралі цудадзейнай вады, а таксама памаліліся ля абраза Маці Божай Барунскай.


            Апошнім прыпынкам было знакамітае Крэва – гарадскі пасёлак Гарадзенскай вобласці. Гэта месца, як усім вядома знакамітае Крэўскай уніяй – дакументам, складзеным і зацверджаным у 14 ст., які паўплываў на гісторыю развіцця ВКЛ і Каралеўства Польскага. Крэўскі замак, дзе адбылася гэта падзея, цяпер кансэрвуецца, рэстаўруецца і аднаўляецца, дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню.



          Радуе тое што замкі – помнікі дойлідства нашай гісторыі ў якіх адбываліся знакавыя падзеі мінулага па крысе адбудоўваюцца, але калі закончыцца гэты перыяд невядома, закінутыя і раскіданыя яны з большага, як сімвалы нашай духоўнасці не адноўленай самасвядомасці.
Made on
Tilda