Навіны ТБМ

Дзятлаўчане ўшанавалі свайго земляка

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася вечарына, прысвечаная 75-годдзю кіраўніка Дзятлаўскай суполкі ТБМ, грамадска-культурнага актывіста, педагога, краязнаўца, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса Валерыя Петрыкевіча

Павіншаваць земляка прыйшлі яго былыя вучні, школьнікі, сябры, бібліятэкары і супрацоўнікі музея.


Адкрыла вечарыну супрацоўніца музея, паэтка і краязнавец Алена Абрамчык, якая прычытала верш юбіляру і выканала некалькі чуллівых песень пад гітару. Шчыра віншавалі Валерыя Петрыкевіча з юбілеем і распавядалі розныя выпадкі з жыцця, прыгадвалі мерапрыемствы, паходы па роднай зямлі з Валерыем Міхайлавічам дырэктар Дзятлаўскага музея Вольга Цюшляева, дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка, краязнавец Фёдар Красюк, дзятлаўскія паэты Раіса Лакіза і Міхаіл Лук’янчык, школьнікі, былыя вучні і калегі. Прыехаў са Слоніма павіншаваць старэйшага сябра і энтузіяста пісьменнік Сяргей Чыгрын. Да юбілею Валерыя Петрыкевіча ён напісаў верш, а паклаў яго на музыку і выканаў бард з Ліды Сяржук Чарняк.

У гэты вечар цудоўнаму і апантанаму чалавеку з Дзятлава Валерыю Петрыкевічу ўсе зычылі здароўя і натхнення. А сам юбіляр падзякаваў за віншаванні і пажартаваў, што тыдзень адпачне, а пасля зноў будзе займацца краязнаўчымі справамі па ўшанаванні знакамітых людзей Дзятлаўскай зямлі і працай над першай сваёй краязнаўчай кнігай.


Аксана Шпак, Рацыя, Дзятлава

Made on
Tilda