Навіны ТБМ

Андрэй ЯНУШКЕВІЧ: Апошні год павялічыў колькасць чытачоў беларускамоўных кніг у тры разы

Выдавецтва «Янушкевіч», якому няма яшчэ і дзесяці гадоў, стала заўважным гульцом на беларускім кніжным рынку амаль з моманту з’яўлення.

Прадпрыемства зрабіла стаўку на выданне як беларускіх аўтараў, так і перакладной літаратуры — ад Оруэла да Руні з Роўлінг. З гісторыкам, заснавальнікам выдавецтва Андрэем ЯНУШКЕВІЧАМ карэспандэнт газеты «Белорусы и рынок» размаўляў пра асаблівасці беларускага кніжнага рынку, уплыў на яго ўнутранага беларускага крызісу і пра тое, чаму поспех беларускай кнігі ў Беларусі цяжка назваць масавым.

— Андрэй, пачну з нядаўняй дыскусіі з калегамі. Калі коратка: нашыя выдавецтвы не прапануюць масавага прадукту, хутчэй, выдаюць нешта няўцямнае, бо грант на гэта з’явіўся, чэргі па беларускамоўныя кнігі не стаяць — у адрозненне ад суседзяў, дзе сваю кнігу любяць і купляюць.

— Мы развіваемся, у нас з кожным годам больш чытачоў. Мая пачатковая ідэя была менавіта камерцыйнай — перадусім выйсці на самафінансаванне. То бок, не жыць увесь час за кошт знешніх інвестыцый, нейкіх грантавых уліванняў, а менавіта за кошт уласных рэсурсаў. Звычайная бізнес-схема: робіш прадукт, прадаеш яго з прыбыткам — і гэта дае магчымасць далейшага развіцця. На сёння я магу сказаць, што гэтая схема працуе. Мы не багацеем шалёнымі тэмпамі, канечне. Калі браць колькасць нашых супрацоўнікаў, колькасць выдадзеных кніг, то мы па-ранейшаму адносімся да супольнасці малых выдавецтваў. Параўнаць з нейкімі амаль манаполіямі тыпу расійскага «АСТ», украінскага «КСД» нас нельга, але працаваць, развівацца і нават за кошт гэтага прыстойна жыць цалкам магчыма. Але самы важны паказчык, напэўна, тое, што колькасць чытачоў з кожным годам упэўнена расце. На маю думку, адна з галоўных праблемаў — слабое інфармацыйнае поле. Што такое сёння кніжны рынак у свеце? Гэта не проста звязка «аўтар — выдавецтва — чытач», гэта цэлая сістэма, куды ўключаныя і СМІ, і рэк­ламныя агенцыі etc — як у любым бізнесе, які развіваецца. Тое, што кніжны рынак у Беларусі развіваецца ненармальна, — факт. Трэба рабіць усё належнае, каб ён развіваўся, скажам так, па законах жанру. І мы стараемся гэта рабіць.

— Што значыць ненармальна развіваецца?

— Глядзіце, СМІ не пішуць пра выхад новых кніг. Для іх гэта не падзея — мне так і казалі, у тым ліку і на нашых самых папулярных медыяпляцоўках. Нават калі гэта мегапапулярныя сучасныя аўтары. Прывяду ў прыклад нядаўнюю сітуацыю. Мы выдалі — і не позна выдалі пасля выхаду арыгінала — кнігу ірландскай пісьменніцы Салі Руні «Нармальныя людзі». Адно з самых вядомых сёння імён у літаратурным сусвеце (Салі Руні — лаўрэатка шматлікіх міжнародных прэмій, здабыла сусветную вядомасць ў 2017 годзе кнігай «Нармальныя людзі», па якой зняты папулярны серыял; пісьменніцу называюць «голасам міленіялаў». — «БР»). Выдалі па-беларуску, зрабілі прыгожую кнігу — тут нам крыху дапамог з выданнем Ірландскі літаратурны фонд. І праз год фонд пытаецца: а падзяліцеся спасылкамі на водгукі ў беларускіх медыя, на крытыкаў, блогераў, агляды і г. д. Мы адразу нічога такога не ўспомнілі і праманіторылі: можа, нейкая рэцэнзія была, можа, нейкі крытык адазваўся... Ні-чо-га! Мы нічога не змаглі ў Ірландыю даслаць. І гэта гаворка ідзе пра бестсэлер.
То бок можна наракаць на стан нашага кніжнага рынку, але рынак СМІ ў нас таксама не найлепшы. Нам казалі, літаратура, кнігі не збіраюць лайкі ды прагляды, няма сэнсу нам пра гэта пісаць. А зараз культурна-камунікацыйнае поле разбуранае, яно было для нас не лепшым і раней, цяпер увогуле выпаленая зямля.

Няма вось гэтай сістэмнасці, што існуе ў суседніх краінах, што на захад, што на ўсход. Мы існуем па нейкіх незразумелых на наш час схемах, калі прыходзіцца разлічваць толькі на ўласныя сілы. Але нам удалося выдаць некалькі якасных кніг — у немалой ступені на поспех уплывае такі фактар, як якасць паліграфічнага выдання і арыгінальнасць дызайну. Увогуле мая задача ці місія: перабіць стэрэатып, што кніга на беларускай мове — гэта нешта вартае жалю, сумнае, школьная праграма і г. д. У большасці насельніцтва стэрэ­атып наконт белліту такі — Колас, Купала, Багдановіч, у лепшым выпадку Караткевіч. А Караткевіч памёр 40 гадоў таму, прачніцеся — гэта ўжо даўно класіка. Вам кажуць, што нічога цікавага ў беларускай літаратуры даўно няма? Я на гэта скажу: прыходзьце да нас. Людзі прыходзяць і бачаць: вось яны — і кніжкі, і аўтары. Хаця пакуль людзі больш начутыя пра замежных аўтараў — іх і купляюць больш.

— Можа быць, масаваму поспеху перашкаджае гістарычная звужанасць рынку? Маю на ўвазе дзесяцігоддзі русіфікацыі, часам дзіўнае, амаль грэблівае стаўленне да мовы на дзяржаўным узроўні. Такое, мабыць, не магло не адбіцца і на чытачах-пакупніках.

— Не. Дзесьці гадоў пяць таму і я так думаў, але апошнія падзеі паказалі, што гэта не зусім так. Жыхары краіны дагэтуль, і цяпер асабліва, у пошуках сваёй ідэнтычнасці. І кніга на беларускай мове — самы зразумелы, самы лёгкі і рэальны шлях у гэтым пошуку. За 30 гадоў мы ўжо ўсвядомілі, што мы не рускія і асабліва не хочам быць рускімі. I, натуральна, звяртаемся да нацыянальнага. Разумееце, чытанне кніг у плане пошуку ідэнтычнасці, вяртанне да нацыянальнай сутнасці — гэта вельмі прадуктыўны і вельмі рэальны шлях. Чытанне — гэта інтымная рэч, ты сядаеш за стол, у фатэль, ты сам-насам з мовай, з тэкстам. Тут ты не будзеш саромецца, што ведаеш не ўсе беларускія словы, што ў цябе кепскае вымаўленне без практыкі, і гэтак далей. А калі кніга яшчэ і зробленая якасна... Ты проста сядаеш і атрымліваеш асалоду ад роднага тэксту — тут няважна, пераклад гэта ці тэкст менавіта беларускага аўтара. Я стараюся аналізаваць працэс і магу сказаць сёння, што тыя, хто прыходзіць да нас па кнігі, гэта працэнтаў на 70–75 рускамоўныя людзі, якія асабліва з беларускай мовай і не сутыкаюцца ў паўсядзённасці. Але яны хочуць быць беларусамі і шукаюць дзеля гэтага шляхі. А кніга ў гэтым пошуку — ідэальны памочнік. І такіх людзей у Беларусі большасць, таму патэнцыял росту чытачоў вельмі вялікі.

Наша праблема, і гэта тычыцца не толькі літаратуры, у тым, што мы не вырабляем абсалютна якасны прадукт, тут і слабасць рэсурсаў, і іншыя вядомыя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Але калі даць волю, калі б адкрыліся адпаведныя ўмовы, мяркую, выдавецкі рынак у нас развіваўся б не горш, чым апошнія сем год ва Украіне. Вось вам прыклад з Гары Потэрам, першая кніга пра якога выйшла ў 1998 годзе. У Расіі яна выдадзеная праз год ці два, ва Украіне — праз тры, а беларусы чакалі свайго выдання да 2019 года. Чаму? Па-першае, выдаць Потэра — дорага. Але ж 20 гадоў! Ніхто не паспрабаваў нават коштам сваіх рэсурсаў выдаць гэтую кнігу. У гэтым насамрэч корань праблемы. І 20 год патэнцыйны беларускі чытач, беларускае дзіця не мелі магчымасці дакрануцца да беларускага тэксту пра Потэра, на выбар быў арыгінальны і любы суседні — польскі, літоўскі, украінскі ды рускі. А калі рабіць прадукт і даваць чалавеку выбар — усё зменіцца. Тым больш, паўтаруся, зараз я бачу вялікі запыт на тэксты на сваёй мове.

— Як паўплывалі падзеі 2020 года? Ці падштурхнулі цікавасць да беларускай кнігі або, наадварот, маўляў, лепш падалей ад гэтага нацыянальнага трымацца — ці мала што?

— Падштурхнулі. Сведчаннем гэтаму хаця б простая статыстыка, рост колькасці чытачоў, рост продажаў. Продаж кніг на беларускай мове за апошні год у нас вырас амаль у тры разы. І вялікі ўсплёск быў ад сярэдзіны жніўня да лістапада 2020 года. Адчуванне падзей, подых свабоды адбіліся і на цікавасці да кніг. З таго часу мы стараемся не губляць тых чытачоў, якія прыйшлі да нас у першы раз.

— А паэзія ці купляецца?

— Купляецца, але ў невялікай колькасці. Зараз, за выняткам некалькіх аўтараў, 500 асобнікаў кнігі выдаваць ужо рызыкоўна, паэзія ж выдаецца накладамі ў 100–200 асобнікаў. Гэта наклад рэальны для продажу. Засмучае, але што зробіш.

— Які наклад прозы можа лічыцца паспяховым?

— Каб выдавецтва магло вярнуць укла­дзенае і крыху зарабіць, мы паставілі для сябе планку ў тысячу асобнікаў. Хаця можна казаць, што прымальны наклад і ў 500–700. Але калі пра прыбытак, то тысяча і больш. У нас сёння склалася класічная сітуацыя для выдавецкай дзейнасці ўвогуле, калі некалькі бестсэлераў стабільна перавыдаюцца і цягнуць за сабой кнігі з нейтральным поспехам і правальныя. Бестсэлеры даюць магчымасць выдаваць кнігі цікавыя, але якія не будуць камерцыйна паспяховымі, і мы гэта ўсведамляем. Гэта класічная схема, мы рады, што на яе выйшлі. Часам жартуем, што жывём за кошт Гары Потэра.

— Але ці не можа прычынай адсутнасці масавага поспеху беларускай кнігі быць і фактар беднасці краіны як такой? Як ілюструе піраміда Маслоў — пакуль людзі не могуць задаволіць самыя простыя патрэбы, якія там кнігі... Прынамсі, у некаторых райцэнтрах кнігарні назаўжды пазачыняліся яшчэ да эпохі інтэрнэту.

— Я таксама гэтага баяўся. Але не, няма праблемы заробку, ёсць праблема культурнага ўзроўню, культурнага стану чалавека. Ён не купляе кнігу не таму, што ў яго няма грошай, а таму, што не лічыць гэта патрэбным. То бок кніга проста не ўваходзіць у спіс прыярытэтаў. Што да дарагоўлі прадукту, то вось прыклад: улетку мы пайшлі на выданне «Гары Потэра» ў мяккай вокладцы. Падумалі, у цвёрдай кнігі Роўлінг каштуюць 30 рублёў, то трэба зрабіць больш танны варыянт. І што вы думаеце? Танны варыянт не карыстаецца попытам, людзі купляюць больш дарагое выданне. Грошы не праблема, праблема ў інфармацыі пра кнігі, у рэкламе.

І яшчэ. Не трэба забываць пра расійскі фактар. Сапраўды, калі кнігарня запоўненая прадукцыяй з Расіі, то гэта вельмі моцна б’е па канкурэнтаздольнасці. Калі дзяржава ніяк не стымулюе развіццё мясцовых выдавецтваў і мясцовай кнігі, калі самаўхіляецца, гэта таксама грае сваю вельмі адмоўную ролю. Тым больш, расійскія выдавецтвы граюць па ўсіх сучасных законах рынку, рэсурсу там нашмат больш, чым у нас.

Але нягледзячы на гэта, падставы для аптымізму сапраўды ёсць, справа мае вялікі патэнцыял. Сама наша эвалюцыя, сама наша гісторыя і цяперашні стан зараз пра гэта сведчаць. Ну а песімістаў адпраўляйце да нас.
Made on
Tilda