Навіны ТБМ

Падзеі вакол ТБМ. Мінюст на саступкі не ідзе

15 верасня, адбылося дасудовае паседжанне па скарзе ТБМ на другое пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі. Доў-жылася яно цэлую гадзіну. Кожны з бакоў прадаставіў суду дадатковыя запатрабаваныя дакументы. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі пераконвала суддзю ў тым, што ТБМ парушыла закон, прадставіўшы ім асобныя дакументы не ў такой форме, як ім бы хацелася.

Спадзяванні на тое, што Міністэрства юстыцыі адмовіцца ад прэтэнзій з-за іх нязначнасці і фармальнага характару не апраўдаліся. Ніякае міравое пагадненне ў планы Міністэрства не ўваходзіла.

Пазіцыю ТБМ адстойвала старшыня ТБМ Алена Анісім. І пазіцыя ТБМ такая – законаў Беларусі Таварыства не парушала, свой Статут выконвае, а агучаныя Міністэрствам юстыцыі заўвагі носяць выключна фармальны характар.

Тыя дакументы, якія нібыта былі прадстаўлены Таварыствам не па форме, тое ж Міністэрства без усялякіх праблем у свой час прыняло і ніякіх прэтэнзій не выказала. Адкуль яны ўзяліся праз паўгода?!

Праз два тыдні, 27 верасня, будзе ўжо судовае паседжанне, на якім суддзя Вярхоўнага суда вынесе канчатковы вердыкт па скарзе ТБМ. Пра вынікі гадаць не будзем, але напружанасць вакол ТБМ не спадае.

Станіслаў Суднік, Наша Слова
Made on
Tilda