Навіны ТБМ

На Дзятлаўшчыне адбылося абласное свята паэзіі

28 жніўня ў вёску Зачэпічы Дзятлаўскага раёна з’ехаліся літаратары з Гродна, Ліды, Навагрудка і Слоніма, каб прыняць удзел ужо ў традыцыйным, пятым па ліку, абласным свяце паэзіі і ўшанаваць памяць траіх зачэпіцкіх паэтаў Гарасіма Праменя, Васіля Струменя і Петруся Граніта. 

КАЛЯ ХАТЫ ПЕТРУСЯ ГРАНІТА Ў ЗАЧЭПІЧАХ

Ідэя ўшанавання памяці паэтаў-землякоў з адной вёскі і арганізацыі паэтычнага фестывалю ўзнікла ў свой час у дзятлаўскага краязнаўца і грамадскага актывіста Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча ды знайшла падтрымку ў мясцовых і раённых дзятлаўскіх уладаў, Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыстве беларускай мовы.

Госці і дзятлаўцы сабраліся каля каменя-помніка ў гонар трох паэтаў у Зачэпічах, потым пабывалі каля хаты Петруся Граніта, наведалі магілы Праменя і Граніта на могілках ды паехалі ў аграгарадок Жукоўшчыну ў дом культуры, бо ў Зачэпісах у гэты дзень ішоў дождж.

МІХАСЬ ЗІЗЮК І ВАЛЯНЦІН ДУБАТОЎКА

Гасцей і ўдзельнікаў свята прывіталі Валерый Петрыкевіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саза беларускіх пісьменнікаў Янка Трацяк і яго намеснік пісьменнік і прадпрымальнік Ваялянцін Дубатоўка, старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, мясцовыя культработнікі.

Сваімі спевамі ўдзельнікаў свята парадавалі жанчыны з мясцовага песенняга калектыву “Ятранка”.

Вершы паэтаў-землякоў чыталі работнікі культуры і вучні Жукоўшчынскай школы. Сяргей Чыгрын прэзентаваў першы літаратурны альманах дзятлаўскіх літаратараў “Ятранка”.


Свае вершы чыталі паэты Ала Петрушкевіч, Святлана Адамовіч, Святлана Абдулаева, Станіслаў Суднік, Анатоль Брусевіч, Мечыслаў Курыловіч, Галіна Самойла, Раіса Лакіза, Галіна Абрамчык і аўтар гэтых радкоў. Алесь Хітрун з Ліды паказаў рукапісы, кнігі і дакументы зачэпінскіх паэтаў, якія захоўваюцца ў хатцы-музеі Валянціна Таўлая ў Лідзе.

Паэты-барды Сяргей Чарняк з Ліды і Міхась Зізюк з Навагрудка перамяжоўвалі паэтычныя выступленні песнямі.


Завяршылася свята ўручэннем прэміі імя Анатоля Іверса Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў краязнаўцу і грамадскаму актывісту, старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Валерыю Петрыкевічу. Сёлета прэмія была ўручана за спрыянне літаратурнаму працэсу, актыўную прапаганду твораў беларускіх пісьменнікаў і ўшанаванне пісьменнікаў-землякоў на Дзятлаўшчыне.



На развітанне гучалі абяцанні і спадзяванні, што праз год у Зачэпічы на паэтычнае свята зноў з’едуцца паэты і пісьменнікі з Гродзеншчыны, а, магчыма, і са сталіцы.



P.S. Сёлета з Мінска не было гасцей, бо пісьменнікі ў гэты дзень назаўсёды развітваліся з паэтам Алесем Разанавым, які памёр 26 жніўня на 74 годзе жыцця.
Made on
Tilda