Магілёўская абласная арганізацыя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (МАА ТБМ) была створана 27 траўня 1993 года на аснове 6 рэгіянальных арганізацый вобласці – Магілёўскай гарадской, Бабруйскай гарадской, Бабруйскай, Бялыніцкай, Круглянскай і Чавускай раённых арганізацый. Непасрэднай патрэбы ў стварэнні абласной арганізацыі не было, бо ўсе названыя арганізацыі кантактавалі наўпрост з рэспубліканскімі органамі ТБМ і новы прамежкавы орган нічога ў гэтых кантактах не дадаваў. Але набліжаліся чарговыя выбары (і дэпутатаў Вярхоўнага Савета, і прэзідэнта Беларусі), для кантролю за якімі грамадскія аб'яднанні і іх рэгіянальныя структуры ў той час маглі вылучаць сваіх назіральнікаў. Гэта і стала адным з галоўных аргументаў на карысць стварэння новай структуры ТБМ.
Каардынаваць дзейнасць рэгіянальных арганізацый вобласці на ўстаноўчай канферэнцыі было даручана абласной Каардынацыйнай радзе ў складзе каардынацыйнага цэнтра з трох чалавек і па адным прадстаўніку ад кожнай рэгіянальнай арганізацыі, зарэгістраванай пры абласной Каардынацыйнай радзе. У склад Каардынацыйнага цэнтра абраныя Міхась Булавацкі, старшы выкладчык педагагічнага інстытута (старшыня рады), Яраслаў Клімуць, дэкан філалагічнага факультэта таго ж інстытута (намеснік старшыні рады) і Сымон Глазштэйн (сакратар рады).
Пазначаную вышэй задачу Каардынацыйная рада МАА ТБМ выконвала вельмі актыўна: больш за сотню яе прадстаўнікоў у 1994-1996 гадах удзельнічалі ў выбарах і рэферэндумах у якасці назіральнікаў. Але, натуральна, дзейнасць рады гэтай задачай не абмяжоўвалася.
Сябры рады арганізавалі збор пасылак беларускай літаратуры для беларусаў замежжа. Высланы пасылкі беларусам Казахстана, беларусам Масквы, беларусам Іркуцка, беларусам Крыма. З апошнімі пазней усталяваны непасрэдныя кантакты, было некалькі вандровак клуба аматараў гісторыі і падарожжаў "Чароўны ўспамін" з удзелам сяброў ТБМ па мясцінах, звязаных з імем Максіма Багдановіча (Беларусь і Крым). Падарунак у 30-50 кніг зроблены бібліятэцы ліцэя № 1 (тады гэты ліцэй лічыўся ліцэем пры педагагічным інстытуце), бібліятэцы беларускай гімназіі, створанай на базе сярэдняй школы № 9 Магілёва, бібліятэцы Асіповіцкай беларускай гімназіі.
Пачаў працу нядзельны беларускі ліцэй, як філія Беларускага гуманітарнага культурна-адукацыйнага цэнтра. На базе гэтага ліцэя планавалася стварэнне першага ў Магілёве беларускага ліцэя. Сябры рады МАА ТБМ распрацавалі ўсю неабходную для гэтага дакументацыю, якая была прадстаўлена на зацвярджэнне ў аблвыканкам. На жаль, гэтая ініцыятыва не завяршылася поспехам, бо, як высветлілася пазней, ёй актыўна супрацьдзейнічаў тагачасны начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі А.Раманаў.
Сябры МАА ТБМ актыўна падтрымлівалі беларускамоўныя класы, створаныя ў гарадах, падбіралі кнігі ў падарунак дзецям, удзельнічалі ў сустрэчах з гэтымі класамі ды інш. У 1993-1994 навучальным годзе 6,6% школьнікаў Магілёва вучыліся ў беларускамоўных класах. Але з наступнага года пасля выбараў прзідэнта і асабліва пасля моўнага рэферэндуму колькасць такіх класаў пачала імкліва скарачацца, што выразна характарызуюць, напрыклад, такія лічбы: у першыя беларускамоўныя класы Магілёва было прынята навучэнцаў у 1993 годзе 1063, у 1994 годзе ўжо 280, а ў 1995 годзе толькі 12. З 1996 года набор у беларускамоўныя класы абласнога цэнтра не ажыццяўляўся і нават не абвяшчаўся. А тыя класы, якія пачалі працу ў беларускамоўным рэжыме, паступова пачалі пераводзіць на рускамоўнае навучанне. Апошнімі зніклі беларускія класы ў сярэдняй школе № 5 (2001 год), дзе дырэктарам быў У.Міхальцоў.
Кіраўнікі і сябры МАА ТБМ вялі і працягваюць весці актыўную працу па змяненні гэтай сітуацыі. У 1999 годзе, да трэціх угодкаў моўнага рэферэндуму, на базе універсітэта імя А.Куляшова (былы педагагічны інстытут) найперш намаганнямі Я.Клімуця праведзена навукова-практычная канферэнцыя "Беларуская мова: стан ужытку пасля рэферэндуму", дзе старшыня МАА ТБМ выступіў з дакладам "Дырэктар школы як апірышча антынацыяналізму". Выдадзены зборнік дакладаў канферэнцыі, а названы даклад надрукаваны таксама ў газеце "Тыднёвік Магілёўскі", з гэтай газетай сябры МАА ТБМ актыўна супрацоўнічалі.
Кіраўнікі МАА ТБМ актыўна падтрымлівалі бацькоў Машы Каральковай з г.Горкі, якія дамагаліся для сваёй дачкі беларускамоўнага навучання. Праз дзікае супраціўленне райвыканкамаўскіх структур Каральковы прадраліся, для Машы быў створаны адмысловы клас з адным вучнем. Пазней да Машы далучыліся яшчэ некалькі вучняў, Маша заканчвала школу ў беларускамоўным класе з 15 чалавек.
У 2002 годзе кіраўнікі Магілёўскага гарадскога ўпраўлення адукацыі, саступаючы настойлівасці сяброў ТБМ, пагадзіліся на адкрыццё беларускамоўнага 7-га матэматычнага класа, мяркуючы, мабыць, што ахвотнікаў вучыцца ў такім класе не знойдзецца. Але знайшліся, бацькі чатырох сямікласнікаў падалі заявы на такое навучанне. На сустрэчы кіраўнікоў абласной і гарадской арганізацый ТБМ з галавой аблвыканкама Б.Батурам было знойдзена пагадненне аб адкрыцці класа з такой колькасцю вучняў на базе нацыянальнай гімназіі № 30. Але начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі В.Багданаў і старшыня Кастрычніцкага райвыканкама Лебедзеў не выканалі даручэння старшыні аблвыканкама, "не знайшлі сродкаў".
Зараз намаганнямі сужонцаў Салаўёвых і пры падтрымцы кіраўніцтва МАА ТБМ, на базе сярэдняй школы № 1 Магілёва адкрыты першы беларускамоўны клас з трыма навучэнцамі.
Важнай задачай сваёй дзейнасці МАА ТБМ лічыць папулярызацыю роднай мовы сярод моладзі, найперш школьніцкай моладзі, асабліва той яе часткі, якая здольная ў матэматычных, прыродазнаўчых навуках і таму гуманітарны складнік сваёй адукацыі лічыць другасным, не вартым вялікай увагі. З гэтай мэтай у 1999 і 2000гг. суполкай настаўнікаў, створанай пад эгідай МАА ТБМ, былі праведзены дзве беларускамоўныя абласныя матэматычныя алімпіяды, якія з 2001 года пераўтварыліся ў спаборніцтва школьнікаў пад назвай "Беларускае пяціборства". У 2012 годзе "Беларускае пяціборства" праведзена адзінаццаты раз. Спаборніцтва стала папулярным, штогод пазмагацца за прызы пяціборства збіраюцца 30-40 навучэнцаў з усёў Магілёўскай вобласці. Аб тым, як гэтае спаборніцтва дапамагае маладым матэматыкам-фізікам далучыцца да гісторыі роднай краіны, да яе мовы і найлепшых твораў літаратуры, маецца шмат публікацый у дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсе.
Вялікую ролю ў нацыянальна-культурным жыцці магілёўцаў адыгрываў народны тэатр пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры, якім кіраваў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Валянцін Ермаловіч, актыўны сябар ТБМ. На спектаклі гэтага тэатра збіралася поўная зала гледачоў, кожнаму з якіх была неабыякавай гісторыя роднай краіны і роля мовы ў сённяшнім яе жыцці. Валянцін Іванавіч шматкроць заяўляў, што выконвае рэжысёрскую працу як заданне ТБМ і лічыць яе адной з важнейшых форм дзейнасці ТБМ. На жаль, са смерцю гэтага выбітнага чалавека тэатр узначалілі рускамоўныя людзі і таму ранейшай ролі ён ужо не адыгрывае.
МАА ТБМ праводзіла шмат іншай працы, скіраванай на нацыянальнае адраджэнне, на вяртанне роднай мовы ў шырокі ўжытак беларусаў. Праца ажыццяўлялася і пры ўзаемадзеянні з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі Магілёва і вобласці, чые мэты шмат у чым супадалі з мэтамі дзейнасці ТБМ: грамадскім аб'яднаннем "Кола сяброў", клубам "Чароўны ўспамін", аддзяленнымі Таварыства беларускай школы, партыяй БНФ, Беларускай асацыяцыяй журналістаў ды інш. Праводзіліся сумесныя мерапрыемствы, вандроўкі, творчыя сустрэчы з вядомымі асобамі, канцэрты ды інш.
З пачатку свайго стварэння Магілёўская абласная арганізацыя ТБМ паступова пашыралася. Пад канец стагоддзя існавалі раённыя арганізацыі ці суполкі ТБМ (як незарэгістраваныя раённыя арганізацыі) у раёнах: Асіповіцкім (старшыня – Таццяна Барэль), Бабруйскім (старшыня – Уладзімір Руды), горадзе Бабруйску (старшыня – Віктар Маліноўскі), Бялыніцкім (старшыня – Міхась Карпечанка), Горацкім ( старшыня – Святлана Кротава), Касцюковіцкім (старшыня – Людміла Леўчанка), Клімавіцкім (старшыня – Сяргей Аржанцаў), Круглянскім (старшыня – Святлана Вадап'ян), Крычаўскім (старшыня – Ганна Аўсеенка), горадзе Магілёве (старшыня – Яраслаў Клімуць), Мсціслаўскім (старшыня – Юры Маліноўскі), Слаўгарадскім (старшыня – Фелікс Шкірманкоў), Хоцімскім (старшыня – Янка Верабей), Чавускім (старшыня – Мікалай Салаўцоў), Чэрыкаўскім (старшыня – Станіслаў Хахлоў), Шклоўскім (старшыня – Алесь Грудзіна). Большасць гэтых арганізацый не былі пастаўлены на ўлік у адпаведных райвыканкамах, у адных выпадках з-за неактыўнасці іх кіраўніцтва, але часцей з-за супраціўлення кіраўніцтва райвыканкамаў, якое часам даходзіла да непрыкрытай варожасці. Напрыклад, у Касцюковічах кіраўнікам раёна вельмі не падабаліся публікацыі і выступленні старшыні мясцовай суполкі ТБМ Людмілы Леўчанка. Вынікам стала тое, што вячэрняя школа, дзе спадарыня Леўчанка выкладала беларускую мову, была закрыта "з-за малой колькасці вучняў", усе настаўнікі былі працаўладкаваныя ў іншых школах, толькі спадарыні Леўчанка месца ні ў гарадскіх школах, ні ў вясковых не знайшлося. А суполка была знята з уліку.
Тым не менш, дзейнасць МАА ТБМ і яе рэгіянальных структур, колькасць якіх зараз зменшылася, працягваецца нават у такіх неспрыяльных умовах.
Магілёўскую абласную арганізацыю ТБМ у свой час узначальвалі:
Міхась Булавацкі (травень 1993 – снежань 2002); Наталля Лебедзева (снежань 2002 – снежань 2005); Валадар Цурпанаў (снежань 2005 – сакавік 2006); Яраслаў Клімуць (з красавіка 2006 г.).
Кантактная інфармацыя
Алег Дзьячкоў, старшыня Магілёўскай гарадcкой суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны":
24-03-36, (+37529) 388-35-61; (+37529) 245-64-52
tbm_mahilou@tut.by Сяржук Дымкоў, намеснік старшыні:
25-23-53, (+37544) 700-87-04
Таццяна Красоўская, кіраўнік гуртка беларускай мовы:
(Velcom-8-029-393-14-61)
Юрась Каласоўскі, куратар краязнаўчых вандровак, аператар сайта mahilou.org
Аляксей Карпенка, літаратурны клуб:
(+37529) 639-11-17