1. Дзякуючы ТБМ быў прыняты закон аб мовах У 1990 годзе Таварыства беларускай мовы распрацавала закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», прыняты затым Вярхоўным Саветам. Адзінай дзяржаўнай мовай краіны стала беларуская мова. Аднак пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году ў краіне было ўведзенае дзьвюхмоўе. Летась ТБМ распрацаваў праект новага закону, які мае забясьпечыць рэальную роўнасьць паміж дзьвюма дзяржаўнымі мовамі. Законапраект ТБМ «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы» вызначае функцыі і абавязкі дзяржаўных структур па падтрымцы мовы. |
2. ТБМ была ініцыятарам стварэння тэлеканалу "Белс@/" Як кажа цяпер ужо ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, сябры ТБМ Сяргей Кручкоў і Эдуард Мельнікаў тры гады прабівалі гэтую ідэю. Потым тагачасны старшыня ТБМ Алег Трусаў сустрэўся з амбасадарамі краін Эўразьвязу ў Беларусі, заручыўся іх падтрымкай. Да справы далучылася дэмакратычная грамадзкасьць Польшчы. Першы беларускі недзяржаўны спадарожнікавы тэлеканал «Белс@/» працуе больш за дзесяць гадоў. |
3. ТБМ заснавала 23-ю гімназію і Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча Пад ціскам ТБМ у 2002 годзе рашэньнем Менгарвыканкаму замест сярэдняй школы № 23 была заснаваная беларускамоўная гімназія. У многім гэта было зроблена дзякуючы намаганьням тагачаснай старшыні менскай гарадзкой арганізацыі ТБМ Алены Анісім. ТБМ ініцыявала стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча — ВНУ з выкладаньнем выключна на беларускай мове. За стварэньне беларускамоўнага ўнівэрсытэту было сабрана больш за 50 000 подпісаў. Установа юрыдычна зарэгістраваная, рыхтуюцца дакумэнты для атрыманьня ліцэнзіі. |
4. ТБМ выдала дзясяткі ўнікальных кніг і марак Таварыства беларускай мовы выдала больш за два дзясяткі мастацкіх і навуковых кніг, у тым ліку «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» Міколы Шчакаціхіна, «Пачаткі роднае мовы» Валянціны Раманцэвіч, «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча, «Аняменьне: хронікі зьнішчэньня беларускай мовы», а таксама слоўнікі па фізыцы, матэматыцы, батаніцы, зоапаразыталёгіі і іншыя. Таксама ТБМ дамаглося выданьня марак з выявамі выбітных дзеячоў Беларусі. Апошняя такая марка — «200 гадоў з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі». Першая паштовая марка незалежнай Беларусі ў 1992 годзе мела выяву крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Ёсьць і марка з сымболікай ТБМ. |
5. Кожны мае права атрымаць адказ на зварот па-беларуску На шматлікія патрабаваньні ТБМ былі ўнесеныя зьмены ў закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Цяпер гэты закон гарантуе кожнаму заяўніку права атрымаць афіцыйны адказ на беларускай мове. |
6. Геаграфічныя назвы пішуцца па-беларуску Закон «Аб найменьнях геаграфічных аб'ектаў», прыняты ў 2010 годзе, патрабуе, каб новыя населеныя пункты атрымлівалі назвы па-беларуску. Да таго ж усе шыльды з назвамі гарадоў, населеных пунктаў, вуліц цяпер павінны выконвацца на беларускай мове. Беларуская мова вярнулася ў мэтро, у абвесткі на чыгунцы, аўтавакзалах. |
7. Зьявіліся вуліцы Эўфрасіні Полацкай, Льва Сапегі, Напалеона Орды і іншыя Пасьля шматлікіх зваротаў ТБМ у сталіцы ды іншых беларускіх гарадах зьявіліся назвы вуліц і плошчаў у гонар знакамітых беларусаў. Толькі ў Менску такіх назваў больш за 30: плошча і праектаваная станцыя мэтро імя Францішка Багушэвіча, вуліцы Льва Сапегі, Напалеона Орды, Эўфрасіньні Полацкай, Янкі Брыля ды іншыя. Былая вуліца Гандлёвая зноў пачала называцца Зыбіцкай. |
8. ТБМ заснавала тры СМІ
|
9. 13 сяброў ТБМ, у тым ліку і Зянон Пазьняк, былі абраныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету XII скліканьня 13 сяброў грамадзкага аб'яднаньня сталі дэпутатамі першага беларускага парлямэнту, абранага дэмакратычным шляхам — Вярхоўнага Савету XІІ скліканьня. У парлямэнт былі абраныя Зянон Пазьняк, Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Яўген Цумараў ды іншыя. Яны ўвайшлі ў фракцыю БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня. |
10. Старшыня ТБМ Алена Анісім - дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў На парлямэнцкіх выбарах 2016 году Алена Анісім, якая тады была намесьніцай старшыні ТБМ, перамагла на выбарах у Стаўпецкай выбарчай акрузе. У Палаце прадстаўнікоў яна стала намесьніцай старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы. |